28.2.26

Казка пра Першага Крумкача

Даўным-даўно, калі свет яшчэ толькі нарадзіўся, тады пушчы, балоты і рэкі ціха чакалі свайго часу. Яны не былі напоўнены яшчэ ніякімі жывёламі. А па зямлі гулялі Вялікія Духі Прыроды. 

Святочны Вецер прыносіў навальніцу і шэпат неба. 

Вадзян панаваў над водамі азёр і рэк. 

Жывабаг нёс у сабе цяпло агню і жыцця. 

Зямян адказваў за дрэвы, кусты і травы. 

Лясун быў ахоўнікам лясных нетраў, гаёў і пушчаў. 

Багавень жыў на балотах і рыхтаваў іх для будучых жывёл і людзей. 

Аднойчы, пасля цяжкага дня, духі сабраліся разам і вырашылі стварыць нешта асаблівае. Яны задумалі стварыць першую птушку - каб яна лятала ў небе, над лясамі, палямі і лугамі, назірала за светам і магла вучыць жыць усіх, каго духі створаць у будучыні, усіх, хто калісьці народзіцца.

Жывабаг узяў попел і залу са свайго вогнішча, дадаў трохі вады, якую прынес Вадзян, і ў балотнай лужыне духі начаравалі цела Крумкача. 

Нарадзіўся ён чорным, як ноч, а яго вочы адлюстроўвалі святло месяца. Крылы былі магутнымі і вялікімі, каб мог ён лятаць і над лясамі, і над рэкамі, і над азёрамі, і над гарамі. 

Святочны Вецер вучыў яго лятаць і слухаць гукі прыроды і неба. 

Лясун — разумець лес і адчуваць таямніцы дрэў. 

Багавень расказваў пра балоты і паказваў, дзе будуць схаваны багны і трысціны, а Зямян тлумачыў таямніцы зямлі і расліннага жыцця, паказваючы ўсе сцежкі, па якіх будуць хадзіць будучыя жывёлы. 

Так Крумкач стаў мудрым і назіральным. Ён ведаў усё: усе сцежкі, усе пушчы, гаі, лугі, палі, балоты, стэпы, пустыні і горы. Разумеў мову дрэў, усе гукі і шэпат свету. А потым, калі на зямлі з’явіліся першыя жывёлы і людзі, ён ужо сам паказваў ім дарогі, тлумачыў, дзе і як шукаць ежу, як распальваць агонь і як пазбягаць небяспек. 

З таго самага часу і кажуць, што калі ты чуеш груканне Крумкача ў лесе, гэта значыць, што ён за табой назірае і ахоўвае цябе. Таму што Крумкач стаў абаронцам усіх людзей, звяроў і духаў, пасланцам і правадніком паміж сьветам жывых і сьветам мёртвых, сьветам людзей і сьветам прыроды, а таксама сымбалям мудрасці, хітрасці і магічных цудаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий